Общество

Зянковіч: «Канваір пытае: «Ох-ох-ох… Як вы маглі?.. Парашу на партрэт прэзыдэнта?!»

Былы палітвязень расказаў, што рабілі з выявай Лукашэнкі ў СІЗА КДБ.

У «амэрыканцы», славутым СІЗА КДБ, жыцьцё — гэта не табе санаторый (хаця некаторыя называюць яе «санаторыем Івана Станіслававіча», маючы на ўвазе Церцеля), але і не безнадзейная рутына: заўсёды ёсьць месца для інавацыяў, — піша Юрась Зянковіч.

Юрась Зянковіч осенью 2024 года. Скрыншот: «Беларусь 1»

Напрыклад, толькі ў шасьці з васемнаццаці камэр ёсьць унітаз (ці хутчэй ягонае падабенства). Астатнія дванаццаць атрымліваюць у спадчыну сапраўднае беларускае ноу-хау — спэцыяльнае шматфункцыйнае пластыкавае вядро для патрэбаў. Нават з сядушкай! І калі прызвычаісься да поглядаў сукамернікаў — можаш карыстацца з камфортам.

Вядро выносіцца двойчы на дзень у калідорны клозэт. Пах у камэры — бонусам.

Санітарыя, альбо Хімія выжываньня

Дзяржава шчодра выдае раствор хлоркі, здольны ня толькі душыць пах, але і выядаць вочы разам з душою. Хто пераліў — той і сьляпы.

Прадпрымальныя зэкі распрацоўваюць уласныя рэцэпты: ад шампуня «два ў адным» да складаных хімічных сумесяў, што выглядаюць як распрацоўка галоўнага інжынэра аднаго зь беларускіх прадпрыемстваў хімічнай прамысловасьці, што бавіў час у гэтай VIP-турме з мэтаю перавыхаваньня і барацьбы з падзяжом ската ў прыпісаным да прадпрыемства калгасе.

Гэтыя сакрэты перадаюцца «па спадчыне»: ад заезда да заезда, ад дырэктара завода да тэрарыста беларускага разліву.

Камэра нумар 6: туалетны авангард

У маёй камэры, дзе я правёў амаль паўгода ў вясёлай, але ўрэшце трагічнай кампаніі — падпалкоўнік КГБ, якога свае ж пасадзілі на сем гадоў (ён, дарэчы, таксама быў Юра, зараз адбывае пакараньне ў калоніі, без надзеі на датэрміновае вызваленьне), і айцішнік, якога пазьней асудзілі за дзяржаўную здраду і тэрарызм — маўляў, майстраваў дроны, якія нехта зьбіраўся выкарыстаць «у шкодных мэтах» — была заведзена свая традыцыя: пад вядро клалі газэту.

Маўляў, хлопчыкі мочацца стоячы і не зьвяртаюць увагі на пырскі. Унітаза няма. Газэта хоць нешта перахоплівае.

А якая газэта? Правільна: «Советская Белоруссия». Зэкі яе выпісваюць ня дзеля чытаньня (усё ж па тэлевізары паказваюць), а каб падціраць, паліць ці падкладаць. Хаця, кажуць, падцірацца ёю небясьпечна: раптам укусіць, ды яшчэ вусы колюцца.

Паліць — таксама турэмнае ноў-хаў. Пакуль ты душыш з сябе ўчарайшую перадачку ад сям’і, іншыя сукамернікі могуць задыхнуцца, бо паветра ў «амэрыканцы» не вентылюецца. Таму каб адзін кепскі запах перабіць іншым, прынята паліць. Можна паліць запалкі, можна круціць фіцілі з туалетнай паперы, а можна і газету.

Але зараз я не пра тое. А пра прыборку, якую кожны дэжурны (а зэкі дэжураць па чарзе) павінен рабіць зраніцы. Ну і канешне газэту мяняць.

І вось наш Юра-кагэбэшнік пачаў выбіраць самы прэзэнтабэльны партрэт Лукашэнкі — з рамкай, сьвятым поглядам — і акуратна сьцяліць яго пад вядро. Турэмнае начальства бачыла тое і рабіла выгляд, што не заўважае. Але неўзабаве знайшоўся адзін «пільны».

Тлумачальныя і Stand-Up

Аднаго ранку — прэтэнзія: — Чаму пад вядром партрэт Прэзыдэнта (менавіта зь вялікай літары і з прыдыханьнем)?

І загад: «пісаць тлумачальныя». Усім. У «амэрыканцы» няма звычайных спагнаньняў, таму тлумачальныя — форма медытацыі: што зрабіў, чаму, мусіш раскаяцца і паабяцаць болей ня ставіць вядро на бацьку.

Мы пасьмяяліся, напісалі. Але зьмена зьмянілася. Новая — у курсе.

На шпацыр і са шпацыра выводзяць пад канвоем — уся камэра шыхтуецца тварам да сьцяны ў позе рака на гары, ногі шырэй (хто ня чуе, таго ўдарам нагі па ступні ставяць у «статутную позу»), рукі на сьцяну з далонямі (абавязкова!) навонкі.

Потым усіх абмацваюць з сур’ёзным выглядам, аглядаюць падэшвы, правяраюць кішэні, быццам мы здольныя вынесьці з прагулкі гранату.

І вось у гэты дзень падчас вяртаньня, калі нас ужо аглядалі, адзін з канваіраў не вытрымлівае і з паўшэптам, з іроніяй, пытае:

— Ох-ох-ох… Як вы маглі?.. Парашу на партрэт прэзыдэнта?!

Гляджу, а там уся зьмена зь цяжкасьцю трымаюцца, каб не заржаць. Усе канваіры тырчаць, сьціскаюцца, трасуцца ад сьмеху. Турма ператвараецца ў філіял «Кварталу 95».

Кантора сьмяецца

Наступным днём — выклік да сьледчага. Між іншым, згадваю: — Ды вось… партрэт пад вядро клалі…

Сьледчы заходзіцца сьмехам: — Гэта ў вас?! Уся кантора сьмяецца! Кажуць: зэкі паставілі парашу на Лукашэнку. Вось гэта творчасьць!

Рэфэрэндум і газэтны цугцванг

Прайшло некалькі тыдняў. Насоўваецца рэфэрэндум 2022 году. Газэты перапоўненыя партрэтамі. Мой дзяжурны дзень. Трэба ставіць вядро. Перабіраю газэты. Без партрэта — ніводнай.

Выбіраю, дзе партрэт найменшы. Кладу яго тварам уніз. Зьверху — вядро. Вяртаемся з прагулкі — і зноў той унікум:

— Хто дзяжурны? Чаму зноў паставілі вядро на Прэзыдэнта?! Пішыце тлумачэньне!!!

У камэры — выбух сьмеху. Пішу новую тлумачальную. Ручка скрыпіць:

«Я, Юрась Зянковіч, такога-то чысла быў дзяжурным. З мэтай гігіены падклаў газэту пад вядро. Пасьля агляду ўсіх даступных выданьняў высветлілася, што ніводнай старонкі без партрэта няма. Таму абрана старонка зь партрэтам мінімальнага памеру, партрэт засланы вядром цалкам. Я ня ведаю, што дзяжурны кантралёр шукаў пад вядром».

Больш мяне не чапалі. Напэўна, баяліся, што я зноў нешта падкладу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)