Вольскі: «Корань нашых шматгадовых бедаў — татальная залежнасьць ад Расеі»

9 жніўня будзе 5 гадоў з моманту вядомых падзей у Беларусі. Што змянілася за гэты час? Якія галоўныя праблемы стаяць перад беларусамі сёння? Піша на Budzma.org Лявон Вольскі.

Лявон Вольскі. Фота Дар'і Каляды

Пяць гадоў таму

Пяць гадоў мінула. Праляцела, прасьвістала, мільганула. Здавалася б, яшчэ ўчора (ну, добра, заўчора) мы надзявалі маскі і йшлі на выбарчы ўчастак. А сёньня — бачыце? — маскі тыя ўжо без дайпатрэбы.

Дый участкі таксама не патрэбныя. Нашто яны? Хіба каб стварыць карцінку. Дэкарацыю для ўладнага спэктаклю — бяздарнае пастаноўкі, якая паўтараецца штопяць гадоў. Толькі рэакцыя публікі кожнага разу розная.

Пяць гадоў таму расчараваная публіка закідала актораў яйкамі й гнілымі памідорамі, настолькі ёй не спадабаўся спэктакль. Адміністрацыя тэатру ўжыла да публікі спэцсродкі (альбо спецсредства, як любяць выражацца прадстаўнікі гэтае адміністрацыі). Але публіка доўга яшчэ не хацела прабачаць брыдотную непрафэсійную рэжысуру і кепскую акторскую ігру...

І вось — першы міні-юбілей народнага бунту. Што я зразумеў за гэты час?

Першая праблема — татальная залежнасьць ад Расеі

Корань нашых шматгадовых бедаў — татальная (і фатальная?) залежнасьць ад Расеі. Наш лёс заўсёды вырашаецца хітрымі, дурнымі і падступнымі немаладымі дзядзькамі за крамлёўскімі сьценамі.

Як гэта было ў 1996-м, падчас спробы зьмяніць сытуацыю праз імпічмэнт (тады яна рэальна магла завяршыцца перамогаю), і калі з Масквы прыляцелі «міратворцы», якія «ўціхамірылі» парлямант і ўсё «замялі» (цікава, што нашыя ініцыятары імпічмэнту іх паслухалі і зрабілі ўсё так, як гэтыя крамлёўскія госьці прапанавалі, нібыта гэта былі прадстаўнікі вярхоўнае, наднацыянальнае ўлады, якіх трэба слухаць і выконваць іхныя распараджэньні).

Так і ў 2020-м, калі прадстаўнікі сілавых і іншых уладных элітаў «пахістваліся» (як тут не захістаесься, калі на вуліцах 500 000!), а тут, як чорт з табакеркі, выскачыў маскоўскі лідэр з прамоваю пра тое, што выбары ў Беларусі былі законныя, сумленныя і сапраўдныя, і ўсе мусяць згадзіцца з вынікам гэтага «народнага волевыяўленьня».

Тут ужо «эліты» ўмомант завяршылі працэс хістаньня і згуртаваліся вакол новаабранага кіраўніка, бо для шмат каго зь іх голас маскоўскага правіцеля значна больш важкі за высокі тэмбр нацыянальнага патрона. І ня трэба нічога казаць пра Бабарыку, Ціханоўскага і Марыю Калесьнікаву, і што было б, каб яны «дарваліся да ўлады»!

Тое, што мы зараз у поўнае залежнасьці ад Масквы — гэта ня вынік рэвалюцыі 2020-га. Гэта вынік шматгадовае мэтанакіраванае палітыкі нязьменнае вярхушкі РБ, якая спачатку марыла пра маскоўскі трон і ініцыявала працэс збліжэньня (акурат у той час, калі можна было спакойна адлучыцца ад «старэйшае сястры»), а потым гэты працэс страціў кантроль, і ініцыятарамі збліжэньня й паглынаньня зрабіліся ўжо ўсходнія лідэры. 

Кіраўнік РБ цяпер упіраецца, енчыць, карыстаецца рознымі калгасна-саўгаснымі хітрыкамі, каб толькі не зрабіцца зьнянацку губэрнатарам якога Паўночна-Заходняга рэгіёну, але ўсё занадта далёка зайшло.

І сытуацыя была б безнадзейнай, але Расея бяздумна разьвязала ідыёцкую крывавую вайну, вынікам якой мусіць быць развал маскоўскае імпэрыі, таму рана плакаць па страчаным сувэрэнітэце.

Другая праблема — разьяднанасьць

І гэта ўжо ня жарты («дзе два беларусы, там тры партыі»). Трыццаць гадоў мы ня можам злучыцца, выйсьці адзіным фронтам, абраць адзінага кандыдата (у 2006-м іх было два, і галасы выбарцаў «расьцерушыліся» паміж дзьвюма харызматычнымі асобамі, у 2010-м — паміж васьмю!).

Мы ня можам згуртавацца, ахвяраваць сваімі амбіцыямі дзеля агульнае справы. Гэта вялікая бяда. І ў ёй (на жаль!) не вінаватая ніякая Расея, кгб і агентура.

Не, яны, безумоўна, робяць сваю чорную справу, але ў сваёй разьяднанасьці вінаватыя мы самі.

Мы занадта разбэшчаныя, мы ведаем, што і як трэба рабіць, а тыя, хто на чале дэмакратычных сілаў — яны нічога ня ведаюць, ні ў чым ня знаюцца і ўсё робяць няслушна. І мы пішам гнеўныя камэнтары, робім гучныя заявы, ствараем новыя і новыя ініцыятывы, драбнімся і разгаліноўваемся... Расьцягваем гэтую коўдру ў розныя бакі, яна рвецца, а мы ўтрапёна працягваем цягнуць — кожны ў свой бок...

Пяць гадоў таму я бачыў цуд

Варта было б узяць сябе ў рукі, згуртавацца і перамагчы, а тады ўжо сварыцца і змагацца між сабою! І ўсё ж такі я веру, што гэта магчыма. Я веру ў цуды!

Бо пяць гадоў таму я бачыў цуд — калі на вуліцах былі сотні тысячаў людзей, і амаль кожны трымаў у руцэ наш бел-чырвона-белы сьцяг, і «Жыве Беларусь» лунала над гарадамі й мястэчкамі... Пяць гадоў таму.

Саната сьвятла

Мы чакалі, што ў гэтай п’есы будзе яскравы фінал,

Але ўсе тэрміны выйшлі, а спэктакль ня хоча сканчацца.

Нехта выйшаў на сцэну, нехта нават на сцэне сканаў,

Месяц крочыць за месяцам, а ўсё ня чутна фінальных авацый.

Пачыналася бадзёра ўсё: прарвемся, і абрынецца мур!

Але стомісься тут, калі тло для жыцьця — карціны батальныя.

Нехта выбег на сцэну, а са сцэны — наўпрост у турму,

Тэатральны аркестр грае ўсьлед ноты разьвітальныя.

Пад сьвятло сафітаў выводзяць людзей з адхіленьнямі

І гавораць, што гэта — ум, честь и совесть зямлі беларускае!

Трэба ж было рабіць сэлекцыю стагодзьдзямі ды пакаленьнямі,

Каб нарадзіць такую колькасьць маральна-разумовых карузьлікаў!

Яны мэханічна прамаўляюць завучаны тэкст,

А з падбародзьдзя атрутная сьліна на гальштук ліецца.

Хтосьці з публікі сьпіць, хтосьці кахаецца, хтосьці есьць,

Хтосьці плюецца, хтосьці лаецца, хтосьці сьмяецца.

Тэатр парадоксу — героі злачынцамі робяцца і наадварот.

Ёнэска з Бэкэтам нэрвова ў тамбуры паляць.

— Глядзі, Эжэн, нечаканы які паварот!

Такога яшчэ нідзе не было, калі мне ня здраджвае памяць.

Але вось наступная дзея — на сцэне жорны,

І ўсіх запрашаюць паўдзельнічаць у размоле мукі.

І прасьцей сказаць: Arrivederci, чым bongiorno,

Калі спэктакль набыў характар фатальны такі.

І ў зале расьце колькасьць вольных мейсцаў —

Надакучылі скачкі і грымасы, зладзюгі й паяцы.

Так мінаюць гады — месяц крочыць за месяцам —

І лепей уключаць час ад часу відэатрансьляцыю.

Пакуль яшчэ не затупіліся лёзы пачуцьцяў,

І дарога вядзе туды, куды заўсёды вяла...

Хтосьці ня можа заснуць, а хтосьці ня зможа прачнуцца.

Кожны чакае ў фінале сваю

Фантастычную

Санату

Сьвятла.

2020-2025