Турарбекава: Вялікая здзелка знаходзіцца пад пагрозай

Гісторык, палітычная аглядальніца — пра пернікі ад Варшавы і паўзу ў перамовах.

Пасля чарговага пагаршэння адносінаў Варшавы і Мінска і часовага закрыцця памежных пераходаў Польшча гатовая зрабіць першы крок насустрач — адкрыць памежныя пераходы. Што да гэтага падштурхнула?

— Думаю, гэта частка здзелкі, што рыхтуецца, і дыялога, які адбываўся (а мо, і зараз адбываецца) у Вашынгтоне. Мяркую, з боку Польшчы была спроба прапанаваць пернік, — зазначае ў эфіры Еўрарадыё гісторык, палітычная аглядальніца Роза Турарбекава. — Такая змена тактыкі, але не стратэгіі.

Роза Турарбекава

Аднак сітуацыя на беларуска-літоўскай мяжы пагоршылася. І палякі прынялі рашэнне адкласці адкрыццё КПП не толькі на знак салідарнасці. Проста яны таксама ўлічвалі: учора ляцелі БПЛА з тэрыторыі Беларусі, сёння — метэазонды, і калі мы не прадэманструем адзінства шэрагаў, што падтрымліваем адно аднога ў гэтых пытаннях, то заўтра атрымаем тое самае.

На думку Турарбекавай, дыялог з Мінскам быў чатырохбаковым — з удзелам і ЗША, і Польшчы, і Літвы. Бо апошнія дзве краіны яшчэ два гады таму дамаўляліся аб тым, каб дзейнічаць на межах скаардынавана, прымаць узаемаўзгодненыя рашэнні, у тым ліку ўзмацняць памежную ахову:

Мы мусім разглядаць палітыку бяспекі ў рэгіёне і, у прыватнасці, на мяжы паміж Беларуссю і краінамі НАТА, як скаардынаваную. Вось яна — гэтая салідарнасць.

Бо для Літвы і Польшчы важна знаходзіцца на адных пазіцыях, каб не дапусціць правакацый — таму што яны разумеюць, з кім маюць справу.

— А паколькі і сувязі паміж Літвой і ЗША досыць моцныя, варта было чакаць, што амерыканскі бок публічна абазначыць сваю пазіцыю, падтрымае Літву. Кіт Келаг гэта і зрабіў, — дадае экспертка.

Нагадаем, днямі Лукашэнка заявіў, што амерыканцы нават запатрабавалі ад яго публічных выбачэнняў за правакацыі з метэазондамі — а ён нібыта паслаў суразмоўцаў падалей. То што, выбачэнняў не будзе і вялікая здзелка сарваная?

— А ці ў Вашынгтон былі скіраваныя гэтыя словы? — задаецца пытаннем Роза Турарбекава. — Можа быць, яны гучалі для Масквы. З майго гледзішча, якраз тут важна разумець: Лукашэнка часта, прамаўляючы нейкія рэчы, скіроўвае іх адразу да некалькіх адрасатаў. Хто больш быў зацікаўлены ў тым, каб цяпер прагучалі такія словы? Думаю, гэта Масква.

<Лукашэнка> такім чынам проста пацвярджае сваю лаяльнасць. Бо ў расіян з’явілася нагода ў гэтым сумнявацца.

Аднак і ў Вашынгтоне гэта таксама пачуюць. Яны не могуць не рэагаваць на тое, што Лукашэнка кажа, а перадусім — на тое, што ён робіць. Маю на ўвазе, парушэнне паветранай прасторы Літвы і тое, як Лукашэнка гэта каментуе. На маю думку, гэта можа азначаць, што вялікая здзелка зрываецца. Прынамсі, знаходзіцца пад пагрозай.

Я спадзяюся на тое, што перамоўны працэс будзе працягвацца. Бо ягоная логіка ў тым, што калі вы пачынаеце перамовы, то адмовіцца ад іх не надта лёгка.

Калі мы бачым крызісныя з’явы, як метэазонд, закрыццё мяжы і г.д., у нашым абывацельскім уяўленні гэта значыць — усё, канец гульні.

Але з гледзішча вядзення перамоў цалкам магчыма, гэта можа стаць адной з паўз, пасля якіх перамовы будуць адноўленыя.

Проста цяпер яны ў рэжыме чакання: як Лукашэнка будзе дзейнічаць, ці спыняцца палёты шароў у Літву?

А літоўцы, на маю думку, таму і прынялі рашэнне аб закрыцці мяжы на месяц: каб быць упэўненымі, што гэты працэс рушыў або туды, або сюды. Як Мінск справіцца з гэтай сітуацыяй, аб чым дамовіцца з Масквой — справа Лукашэнкі. І па заканчэнні гэтага тэрміну мы, мабыць, зразумеем, ці здзелка пад пагрозай, ці перамовы працягваюцца. Паглядзім, што будзе ў снежні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(17)