«Тонкая наладка»: як Лукашэнка кіруе міграцыйным крызісам
Аналіз штомесячнай дынамікі нелегальнай міграцыі зь Беларусі ў суседнія краіны і календару прыняцьця пакетаў санкцыяў Эўразьвязу дазваляе зрабіць выснову, што беларускія ўлады рэгулююць міграцыйную плынь, павялічваючы яе ў адказ на чарговыя новыя санкцыі. Пра гэта піша Юры Дракахруст на Радыё Свабода.

Адказ Лукашэнкі «ачумелым»: пачатак міграцыйнага крызісу
23 траўня 2021 году ўлады Беларусі прымусова пасадзілі ў Менску самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. Двое пасажыраў рэйсу затрымалі: апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча і грамадзкую актывістку, сяброўку Пратасевіча, Сафію Сапегу.
Ужо на наступны дзень, 24 траўня, саміт Эўразьвязу вырашыў забараніць беларускай авіяцыі лятаць у сваёй паветранай прасторы.
Праз 2 дні, 26 траўня, выступаючы перад Палатай прадстаўнікоў, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што цяпер заходнія краіны будуць самастойна ажыцьцяўляць кантроль за наркатрафікам і незаконнай міграцыяй на мяжы з Беларусьсю. «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — зараз будзеце самі іх есьці і лавіць», — сказаў Лукашэнка.
І пачалося.
Калі за ўвесь травень 2021 году памежнікі Латвіі, Літвы і Польшчы фіксавалі ўсяго некалькі дзясяткаў спробаў незаконнага перасячэньня сваіх межаў з боку Беларусі, то ўжо ў чэрвені лік пайшоў на сотні.
21 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў чарговы пакет санкцыяў адносна Беларусі, які ўпершыню ўключаў у сябе сэктаральныя эканамічныя захады, такія як забарона на экспарт тэхналёгій для сачэньня, тавараў падвойнага прызначэньня, а таксама абмежаваньні ў нафтахіміі, калійных угнаеньнях і іншых сэктарах. Таксама пакет прадугледжваў санкцыі адносна 78 фізычных і 8 юрыдычных асобаў, адказных за рэпрэсіі, парушэньні правоў чалавека і прымусовую пасадку рэйсу Ryanair.
На наступны дзень, 22 чэрвеня 2021 году, Лукашэнка, выступаючы на цырымоніі ў Берасьцейскай крэпасьці, патлумачыў, што чакае краіны Эўразьвязу ў адказ на санкцыі: «Пры гэтым гэтыя ачумелыя — вось там, побач — чакаюць ад нас дапамогі. Патрабуюць спыніць нелегальную міграцыю... Так і хочацца спытаць: вы што там, ачумелі наогул? Вы супраць нас разьвязалі гібрыдную вайну і патрабуеце ад нас, каб мы вас абаранялі, як і раней?»
Іншымі словамі, Лукашэнка не хаваў, што плынь мігрантаў — гэта адказ Эўразьвязу на санкцыі. І ўжо за адзін кастрычнік таго ж году паток нелегальных мігрантаў перавысіў 18 тысячаў. Гэта было пікам крызісу, які дасюль застаецца непераўзыйдзеным. У далейшым, на працягу больш чым 4 гадоў, паток то слабеў, то ізноў узмацняўся, але не спыняўся ўжо ніколі. Даволі хутка палітыкі і экспэрты ў Эўразьвязе прыйшлі да высновы, што міграцыйны крызіс, учынены Лукашэнкам, зьяўляецца рукатворным, інсьпіраваным.
Гэта даказвалі і авіярэйсы ў Менск са сталіцаў краінаў Поўдня, якія раптоўна зьявіліся, і шмат паведамленьняў пра тое, як беларускія сілавікі падштурхоўвалі мігрантаў да перасячэньня мяжы і наўпрост падвозілі іх да яе.
Дынаміка міграцыйнага патоку і каляндар санкцыяў
Мы дасьледавалі памесячныя дадзеныя аб колькасьці зафіксаваных спробаў нелегальных пераходаў мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай з чэрвеня 2021 году па верасень 2025 году (52 месяцы).
Крыніца статыстыкі — маніторынгі міграцыйных плыняў, які вядуць інфармацыйнае агенцтва «Позірк» і старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў Генадзь Коршунаў. Дадзеныя за 2021 год паходзяць зь інфармацыйных крыніцаў памежных службаў трох суседніх зь Беларусьсю краінаў.
Другі аб’ект нашага аналізу — гэта даты, калі Эўразьвяз прымаў чарговыя пакеты санкцыяў адносна Беларусі.
Вышэй ужо згадваліся абмежаваньні, прынятыя ў чэрвені 2021 году. Яшчэ адзін пакет увялі ў сьнежні 2021 году, і наступны — 18 лютага 2022 году.
А потым пачалася поўнамаштабная вайна Расеі з Ўкраінай. 27 лютага 2022 году Эўразьвяз ухваліў першы пакет санкцыяў адносна агрэсара Расеі і суагрэсара Беларусі за разьвязаную вайну. І потым такіх санкцыйных пакетаў было яшчэ 17, апошні — у траўні 2025 году.
Двойчы — у сакавіку і ў чэрвені 2022 году — Эўразьвяз прымаў па два пакеты санкцыяў адносна Беларусі і Расеі. Агулам з чэрвеня 2021 году па верасень 2025 году атрымліваецца 18 месяцаў, у якія Брусэль уводзіў санкцыі адносна альбо адной Беларусі альбо адносна Беларусі і Расеі.
Міграцыйны бізун — у адказ на санкцыйны
Наступны графік паказвае, як суадносяцца каляндар увядзеньня эўрапейскіх санкцыяў і дынаміка патоку нелегальнай міграцыі з Беларусі ў краіны ЭЗ.
З 18 месяцаў, калі ўводзіліся чарговыя пакеты санкцыяў ЭЗ, у 11 выпадках — то бок, больш як у палове — ужо ў наступным месяцы назіралася павялічэньне патоку нелегальнай міграцыі. У 7 выпадках да месяца ўвядзеньня новых санкцыяў паток зьмяншаўся, а пасьля павялічваўся, яшчэ ў 4 выпадках месяцы ўвядзеньня новых пакетаў санкцыяў прыпадалі на працяг павялічэньня патоку — ён рос і да гэтых месяцаў, і пасьля іх.
Калі на матывы мігрантаў з далёкіх паўднёвых краінаў эўрапейскія санкцыі наўрад ці ўплывалі, то для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі яны былі зусім неабыякавыя. І прынамсі праўдападобным выглядае, што ў адказ на новыя ўдары санкцыйным «бізуном» Менск адказваў ударамі міграцыйнага «бізуна», пашыраючы паток мігрантаў.
Тое, што новыя эўрапейскія санкцыі наўпрост спрычыньваліся да павелічэньня плыні нелегальных мігрантаў зь Беларусі ў краіны ЭЗ (у 11-ці з 18-ці выпадкаў) пацьвярджае і праверка з дапамогай тэсту Грэйнджэра на прычыннасьць. Высьветлілася, што з лагам у 1 месяц існуе значная прычынная сувязь паміж санкцыямі і інтэнсіўнасьцю патоку міграцыі (узровень значнасьці - 5%).
Такім чынам, улады Беларусі ня проста адчынілі браму для спантаннай плыні мігрантаў. Яны ўзмацнялі гэтую плынь ня ўвесь час, а менавіта ў адказ на чарговыя пакеты санкцыяў. Такая сабе «тонкая наладка» міграцыйнага крызісу ад рэжыму Лукашэнкі.
Коршунаў: Лічбы даказваюць, што Лукашэнка сапраўды кіруе міграцыйным ціскам на межах з Эўразьвязам
Па словах старшага дасьледчыка Цэнтру новых ідэяў сацыёляга Генадзя Коршунава, міграцыйны крызіс на ўсходніх межах краінаў Эўразьвязу часьцяком апынаецца па-за ўвагай беларускай аўдыторыі.
«І дарма, бо для нашых краін-суседак гэты крызіс ёсьць відавочным складнікам гібрыднага супрацьстаяньня двух аўтарытарыяў — Лукашэнкі і Пуціна — заходняй дэмакратыі. Гэты відавочны складнік стаў агульнавядомым. Але мала хто робіць высілкі для таго, каб на лічбах даказаць, што Лукашэнка сапраўды кіруе міграцыйным ціскам на межах з Эўразьвязам.
З гэтага пункту гледжаньня дасьледаваньне Радыё Свабода дае нам каштоўныя падставы для таго, каб сьцьвярджаць, што беларускі дыктатар сапраўды ўжывае „міграцыйны бізун“ як адказ на санцыйную палітыку краін ЭЗ», — кажа Коршунаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное