«Тое, што робіць каманда Галоўчанкі, выходзіць за межы паўнамоцтваў Нацбанку»

Зьмешваньне функцый, стварэньне паралельных інстытуцый, надзяленьне дзяржаўных органаў і высокіх чыноўнікаў паўнамоцтвамі за межамі іх статутных абавязкаў — новая зьява дзяржаўнага кіраваньня апошняга часу, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Такім чынам Аляксандар Лукашэнка падвышае свой статус і ролю, дэманструючы, што адзінай крыніцай улады ёсьць ягоны загад.

Валер Карбалевіч

Дзьве працоўныя групы

Падчас абмеркаваньня праграмы разьвіцьця Беларусі на 2026–2030 гады выявілася дзіўная рэч. Аказваецца, дзьве групы чыноўнікаў падрыхтавалі два праекты такой праграмы. Такое адбываецца хіба ўпершыню ў гісторыі 31-гадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

Адзін праект распрацаваў урад на чале з Аляксандрам Турчыным. Што цалкам лягічна, Бо менавіта ён будзе займацца выкананьнем гэтай праграмы. Так было заўсёды.

А вось зьяўленьне альтэрнатыўнага праекту Лукашэнка растлумачыў яе зьяўленьне даволі своеасабліва:

«Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу выказалі жаданьне актыўна паўдзельнічаць у дапрацоўцы дакумэнта. Я такую ініцыятыву падтрымаў, даручыў прыцягнуць да гэтай работы нашых вядучых эканамістаў і людзей, якія выкажуць сваё меркаваньне. Рабочая група з ліку дэлегатаў, якія маюць значны вопыт і кампэтэнцыі ў розных сфэрах, створана. Яе ўзначаліў старшыня праўленьня Нацыянальнага банка, учорашні прэм’ер-міністар».

Гаворка пра Рамана Галоўчанку.

Цяжка ўявіць, што нейкія дэлегаты УНС раптам вырашылі паставіць пад сумнеў аўтарытэт ураду і самім распрацаваць праект праграмы наступнай пяцігодкі. Пазьней Лукашэнка прызнае, што «аснову гэтай рабочай групы адмыслоўцы Нацбанку складаюць». Так што дэлегаты УНС тут згадваюцца імаверна дзеля праформы.

Відавочна, што ініцыятарам стварэньня гэтай паралельнай групы зьяўляецца сам Лукашэнка. 23 верасьня ён аб’явіў, што пры Нацбанку ствараецца адмысловая рабочая група на чале з кіраўніком банку Раманам Галоўчанкам, якая сумесна з Камітэтам дзяржкантролю будзе аналізаваць сытуацыю ў эканоміцы і наўпрост паведамляць пра гэта яму — у абыход урада.

І вось цяпер гэтая група пашырыла свае паўнамоцтвы і распрацавала праект праграмы новай пяцігодкі. Без наўпроставага даручэньня Лукашэнкі гэта было б немагчыма.

Тут варта адзначыць: тое, што робіць каманда Галоўчанкі, выходзіць за межы паўнамоцтваў Нацбанку. Функцыя гэтага дзяржаўнага органа — кантроль за фінансавай сфэрай. Усе іншыя сацыяльна-эканамічныя працэсы — сфэра дзейнасьці ўрада.

Фота: mlyn.by

Зьмешваньне функцый

Але зьмешваньне функцый, стварэньне паралельных інстытуцый, надзяленьне дзяржаўных органаў і высокіх чыноўнікаў паўнамоцтвамі за межамі іх статутных абавязкаў — гэта новая зьява дзяржаўнага кіраваньня літаральна апошняга часу. Толькі некалькі прыкладаў.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году Лукашэнка павінен быў фармаваць новы ўрад. Паводле правілаў і завядзёнкі, падборкай кадраў, у тым ліку, для Савета міністраў павінна займацца прэзыдэнцкая адміністрацыя на чале зь Дзьмітрыем Крутым. Аднак Лукашэнка аб’явіў аб стварэньні камісіі, якая павінна ўнесьці прапановы па фармаваньні новага складу ўраду:

«Трэба стварыць камісію з вышэйшых службовых асоб… На гэтай камісіі Качанава, Сяргеенка, генэральны пракурор і гэтак далей, — вось гэтая верхавіна. Хацелася б, каб вы свае прапановы ўнесьлі, ваша меркаваньне мы разгледзім пры прыняцьці рашэньняў».

Неўзабаве ўрад быў сфармаваны, пра працу гэтай «камісіі Качанавай», яе вынікі нічога невядома. Аднак прэцэдэнт быў створаны. І гэта не адзіны факт падобнага роду.

Шмат пісалася пра тое, што МЗС губляе свае паўнамоцтвы. За адносіны з Захадам адказвае старшыня КДБ Іван Тэртэль. За супрацоўніцтва з Афрыкай, Лацінскай Амэрыкай адказным прызначаны Віктар Шэйман. Пракуратура на чале з Андрэем Шведам ў сваёй дзейнасьці далёка выходзіць за межы сваіх звычайных функцый.

Яна ня толькі курыруе хаду палітычных рэпрэсій, але шмат у чым уплывае на ідэалёгію рэжыму, сыстэму адукацыі, падрыхтавала школьны падручнік па «генацыду беларускага народу».

Швед узначальвае сумна вядомую камісію па вяртаньні беларусаў з палітычнай эміграцыі. Цяпер функцыі яе пашырыліся і яна вызначае, напрыклад, каго з спартоўцаў, якія пратэставалі супраць гвалту сілавікоў улетку 2020 году, можна дапусьціць да спаборніцтваў ці працы.

Камісія на чале з генпракурорам дае рэкамэндацыі Лукашэнку наконт кандыдатур палітвязьняў, якіх можна вызваліць. Гэта пры тым, што здаўна існуе камісія па памілаваньні на чале з намесьніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Вольгай Чупрыс, якую ніхто не распускаў.

І такіх прыкладаў шмат. У прыватнасьці, моцна пашыраны паўнамоцтвы сілавых структур. Ад нядаўняга часу МУС адказвае за тое, каб на аўтазапраўках не было чэргаў, а таксама змагаецца з паморкам жывёлы.

Лукашэнка падвышае свой статус

Навошта ўсё гэта робіцца? Падаецца, Лукашэнка штучна стварае такую сытуацыю, калі перамешваюцца функцыі і паўнамоцтвы розных дзяржаўных органаў і чыноўнікаў. Бо калі ўсе інстытуцыі працуюць строга паводле законаў, статутаў, правілаў і інструкцый, то гэта амаль прававая дзяржава. Тады сыстэма працуе на аўтамаце, і не патрэбен мэханізм ручнога кіраваньня.

То бок, не патрэбен сам інстытут усеўладнага правадыра. У такой сыстэме Лукашэнка лішні. Не патрэбна езьдзіць па краіне, вучыць неразумных кіраўнікоў і работнікаў калі варта сеяць, а калі жаць, як будаваць масты і закладваць сенаж.

Надзяляючы дзяржаўныя органы і чынавенства неўласьцівым ім функцыямі, загружаючы чужой працай, Лукашэнка падвышае свой статус, сваю ролю. Ён увесь час дэманструе, што крыніцай іх улады зьяўляецца не закон, а ягоны загад.

Бо, напрыклад, паводле закону, памежнікі павінны перапыняць кантрабанду ці незаконны пераход мяжы мігрантамі з паўднёвых краін, але Лукашэнка загадвае не рабіць гэтага, і яны ня робяць.

Акрамя таго, такімі дзеяньнямі Лукашэнка запускае штучны канфлікт у намэнклятурным асяродзьдзі. Вось няхай спрачаюцца ўрад і Нацбанк, чый праект праграмы лепшы. І, зразумела, адзіным арбітрам у гэтай сутычцы будзе Лукашэнка, да яго будуць апэляваць канкуруючыя групы. І рэалізуецца вялікі прынцып усіх часоў і народаў: «падзяляй і ўладар».

Праблема ў тым, што без Лукашэнкі сыстэма дзяржаўнага кіраваньня можа апынуцца ў ступары. Бо адзіная крыніца ўлады зьнікне, а па-іншаму ўладныя мэханізмы за апошнія тры дзесяцігодзьдзі працаваць не прывучаныя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(13)