Общество

Марына Міхайлава

Раскіданае гняздо: як беларусы па абодва бакі мяжы пазбаўленыя права жыць напоўніцу

Сённяшняя Беларусь — як вялізнае раскіданае гняздо, з аскепкамі былога, адносна нармальнага жыцця, раскіданымі па свеце беларусамі, абмежаванымі ў многіх правах і свабодах, і шмат для каго змрочнымі перспектывамі ніколі больш не ўбачыць ні родныя мясціны, ні блізкіх людзей. «Салідарнасць» паспрабавала скласці прыкладны спіс таго, што недасяжна сёння для беларусаў паабапал мяжы.

Пасля 2020 года беларускія ўлады па сутнасці скасавалі сацыяльны кантракт з грамадствам. І гаворка не толькі пра палітычны пераслед, адвольныя арышты, несправядлівыя суды, звальненні за «нелаяльнасць».

Дзяржава паслядоўна працягвае заціскаць гайкі і пагаршаць жыццё ўласных грамадзян — як тых, хто з’ехаў з краіны праз рэпрэсіі, так і тых, хто застаўся.

«Ты не зможаш быць побач і нават развітацца»

— У Беларусі засталіся бацькі, але з імі стасункі ўжо даўно не асабліва цёплыя, а яшчэ сястра і пляменнік, — расказвае палітычная ўцякачка Каця (імёны суразмоўцаў змененыя — С.). — Я яму не толькі цётка, але і хросная маці. Калі давялося з’ехаць, малы быў зусім малы, а цяпер ён у першым класе. І я для яго — збольшага «прывітальніца» з зума, якая перадае раз-пораз нейкія гасцінцы.

У сястры няма магчымасці выехаць, у мяне — прыехаць. Так жыццё самых блізкіх людзей і праходзіць міма мяне. Але больш за ўсё мяне палохаюць думкі: што, калі з роднымі нешта здарыцца?

Дні народзінаў, хрэсьбіны, вяселлі, — з усім гэтым можна павіншаваць і парадавацца на адлегласці. А вось ад разумення, што блізкі чалавек цяжка захварэе ці памрэ, а ты не зможаш быць побач і нават развітацца… У мяне сэрца камянее.

Ігар, які сёння жыве ў Літве, распавядае, што паклапаціўся загадзя аб тым, каб зрабіць на блізкага сваяка генеральную даверанасць. Гэта дазволіла, сярод іншага, замяніць газавыя і электралічыльнікі без прысутнасці ўласніка, здаць легальна кватэру і не трапіць у лік «дармаедаў».

Але ж даверанасць дзейнічае толькі тры гады і акурат прыканцы 2025 скончыцца:

— Я магу тут пабегаць, заплаціць грошы, выпісаць новую, зрабіць апастыль, і яна будзе дзейнічаць у Беларусі, — разважае Ігар. — Але неўзабаве скончыцца і пашпарт, для даверанасці гэта крытычна.

Тым часам наспела неабходнасць гэтую кватэру ў Мінску прадаць. Гэта зрабіць ужо няможна: там прапісаны я і былая жонка з дзіцем, прыехаць у Беларусь не рызыкнем, а праз суд у Мінску апошні год нікога не выпісваюць, адвакаты нават не бяруцца за такія справы.

Былы палітвязень Кірыл Балахонаў распавядаў у інтэрв’ю «Салідарнасці», з чым сутыкнуўся асабіста пасля прымусовага вывазу з краіны. З дакументаў яму пакінулі толькі пашпарт, а ў каледжу, дзе хлопец правучыўся 3 гады і быў адлічаны за палітыку, адмовіліся выдаваць родным атэстат ці хоць бы дазволіць сфатаграфаваць яго.

Выслаць даведку на літоўскі адрас установа адукацыі адмовілася. Беларус жа фактычна не можа ані працягнуць вучобу, ані ўладкавацца на працу без дакументаў аб адукацыі.

А экс-палітзняволеная італьяністка Наталля Дуліна падсвяціла яшчэ адну істотную праблему: беларусы сталага веку, якіх вызвалілі і прымусова вывезлі з краіны, застаюцца без пенсійных выплат. Беларускія чыноўнікі цынічна патрабуюць «з’явіцца асабіста ва ўпаўнаважаныя органы», а пенсіянеры тым часам застаюцца без сродкаў да жыцця.

Хоць афіцыйна, напрыклад, у Літве і Польшчы, беларусы могуць атрымліваць свае пенсіі — на падставе двухбаковых дамоў аб сацыяльным забеспячэнні, якія ўсё яшчэ дзейнічаюць.

Без права на…

Мы паспрабавалі скласці прыкладны спіс таго, што недасяжна сёння для беларусаў паабапал мяжы.

Што не могуць зрабіць беларусы, у якіх блізкі сваяк вымушана з’ехаў з краіны і не мае магчымасці вярнуцца:

  • прадаць кватэру, у якой прапісаны сваяк (нават калі ён пісьмова пацвердзіць, што не супраць);
  • атрымаць за сваяка пенсію, адмовіцца ад паслуг мабільнага аператара, дамашняга інтэрнэту, банка;
  • атрымаць у ЗАГСе копію пасведчання аб нараджэнні сваіх жа дарослых дзяцей;
  • узяць копію атэстата са школы, каледжа ці ВНУ;
  • выканаць фактычна любыя дзеянні, звязаныя з адчужэннем маёмасці (аўтамабіль, кватэра, дача ці зямельны ўчастак) без даверанасці, зробленай на тэрыторыі Беларусі;
  • з Беларусі больш нельга выехаць на вучобу за мяжу і атрымаць адтэрміноўку ад арміі. То бок, для беларускіх юнакоў часта рашэнне вучыцца ў замежным каледжу ці ўніверсітэце — гэта білет у адзін канец. Аднак можна зняцца з воінскага ўліку, калі аформіць пастаяннае пражыванне за мяжой;
  • адправіць пасылку родным у ЗША (Белпошта часова перастала прымаць пасылкі з таварным укладаннем з канца жніўня гэтага года — гэта звязаны з новымі мытнымі пошлінамі, цяпер пераслаць можна толькі лісты і дакументы);
  • нават калі ў сям’і няма нікога «палітычнага», беларусы больш не могуць аддаць дзяцей вучыцца не ў беларускую школу, напрыклад, дыстанцыйна (гэта забаронена новым Кодэксам аб адукацыі ад 1 верасня 2025 года);
  • свабодна і адкрыта ўдзельнічаць у незалежных сацыялагічных апытаннях (а тым болей, самім ладзіць іх — за гэта ў Беларусі з 2020 года была ўведзеная адміністрацыйная адказнасць, а сёлета — ужо і прысуды па крымінальных справах за нібыта «распаўсюд ілжывых звестак»);
  • свабодна чытаць, абмяркоўваць, даваць каментар, самому каментаваць у інтэрнэце ці пакідаць лайкі пад публікацыямі незалежных медыя, а таксама НГА, ініцыятыў і суполак беларусаў за мяжой — у любы момант гэтыя медыя і грамадскія аб’яднанні могуць быць прызнаныя беларускім судом «экстрэмісцкімі», а любое ўзаемадзеянне з імі — «распаўсюдам экстрэмісцкіх звестак» (у тым ліку заднім чыслом);
  • проста атрымаць шэнгенскую візу і паехаць паглядзець, як жывуць дзеці/бацькі, іншыя блізкія.

Што не могуць зрабіць беларусы, якія з-за палітычнага пераследу пакінулі родную краіну:

  • атрымаць у беларускім консульстве новы беларускі пашпарт, абмяняць ці працягнуць тэрмін яго дзеяння;
  • атрымаць выпіску з ЗАГС аб наяўнасці/адсутнасці шлюбу — а без такой даведкі (амаль) нельга ўступіць у шлюб на тэрыторыі еўрапейскіх краін;
  • паставіць на ўлік ці зняць з уліку аўтамабіль, які знаходзіцца ў Беларусі;
  • закрыць ІП у краіне, калі вы не паспелі аформіць даверанасць. Агулам, ад верасня 2023 года 18 адміністрацыйных працэдур можна зрабіць толькі асабіста альбо праз даверанасці, якія былі аформленыя на тэрыторыі Беларусі;
  • дыстанцыйна замовіць і атрымаць дублікаты школьных табеляў, атэстатаў, дыпломаў ВНУ, нават выпіскі з медыцынскіх дакументаў;
  • аформіць за мяжой даверанасць на родных ці сяброў, каб тыя маглі прадаць/адчужыць рухомую і нерухомую маёмасць чалавека ў Беларусі;
  • распарадзіцца так званым сямейным капіталам;
  • легалізаваць афіцыйны дакумент у Беларусі;
  • аформіць пастаяннае пражыванне за мяжой і выхад з беларускага грамадзянства, калі да канца тэрміну дзеяння пашпарта застаўся 1 год і меней;
  • свабодна, без унутранай цэнзуры, не баючыся наступстваў для родных унутры краіны, удзельнічаць у палітычнай і грамадскай актыўнасці беларускай дыяспары за мяжой;
  • вярнуцца ў Беларусь і не быць затрыманым ужо на мяжы ці пры выездзе.

«Рэпрэсіўныя захады распаўсюджваюцца ўжо на беларусаў любых палітычных поглядаў»

Юрыст Міхаіл Кірылюк у каментары «Салідарнасці» зазначае: яшчэ ў 2023 годзе праўнікі НАУ давалі прававую ацэнку дзеянням беларускіх урадаў па пераследзе беларусаў, якія жывуць за межамі краіны.

І ўжо на першасным этапе збору інфармацыі зафіксавалі 15 сродкаў парушэння правоў, дыскрымінацыі і рэпрэсій у дачыненні да беларусаў — ад перашкоды для ўдзелу ў выбарах да завочнага крымінальнага пераследу, затрыманняў пры перасячэнні мяжы, канфіскацыі маёмасці палітычных эмігрантаў, арыштах і ціску на родных і г.д. А да цяперашняга часу сітуацыя з пераследам толькі пагоршылася.

— Дыскрымінацыя і пераслед уладамі беларусаў за мяжой — гэта выглядае як штучны падзел, дыскрымінацыя па месцы пражывання. Як быццам тыя, хто пражываюць за мяжой Беларусі, палітычна недабранадзейныя, таму ўлады наўмысна ствараюць ім цяжкасці ў існаванні, — гаворыць Міхаіл Кірылюк. — Мэта такіх дзеянняў — каб праз гэтыя цяжкасці беларусы вымушаныя былі прыязджаць у Беларусь, дзе іх змогуць шчыльна праверыць, і, калі такія праверкі пакажуць нелаяльнасць да існуючай улады — то рэпрэсаваць.

Акрамя таго, каманда праўнікаў збірала матэрыял па трансгранічных рэпрэсіях, потым гэтыя звесткі мы перадавалі ў Міжнародны крымінальны суд. Усе гэтыя парушэнні правоў, у тым ліку, пра якія вы згадалі — частка трансгранічных рэпрэсій. Дзеля таго, каб усяляк ціснуць на беларусаў, якія па розных прычынах з’ехалі з Беларусі.

Прытым відавочна, што гэтыя рэпрэсіўныя захады распаўсюджваюцца ўжо на беларусаў любых палітычных поглядаў. Нават калі наш суайчыннік, лаяльны да Лукашэнкі ці абыякавы да палітычнай дзейнасці наогул, з эканамічных прычын з’ехаў з Беларусі — ён усё адно трывае такія самыя цяжкасці, якія яму стварае рэжым Лукашэнкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(12)