Навумчык: Незалежнасьць на беларусаў не «звалілася зь неба»

Палітычны аглядальнік — пра тое, што адбылося 25 жніўня 1991-га.

Сяргей Навумчык

— Калі чую, што Незалежнасьць «упала зь неба», ці што «проста дэпутаты БНФ скарысталі спрыяльныя зьнешнія абставіны», ці што «акрамя дэпутатаў і некалькіх тысяч на Плошчы нязначная колькасьць людзей жадала сапраўднай сувэрэннасьці» — мне думаецца пра заканамернасьці Гісторыі, — піша Сяргей Навумчык.

— Усе значныя падзеі ў жыцьці кожнай нацыі — вынік спалучэньня ўнутраных фактараў і зьнешніх працэсаў, а таксама здольнасьці (альбо няздольнасьці) пэўных асобаў іх скарыстаць.

Увогуле, як правіла, перамены робіць авангард грамадзтва, яго пасыянарная частка — і яна заўсёды складае меншасьць (нават ашаламляльны для Беларусі мільён, які, у суме, выйшаў у жніўні 2020 пратэставаць супраць узурпатара — гэта меншасьць, нават ня пятая частка насельніцтва).

Але калі ўжо хочацца заняцца падлікамі — да тых, хто асэнсавана дзейнічаў 25 жніўня 1991-га, трэба дадаць і тых, хто быў зьнішчаны ў ГУЛАГу за Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, «Пагоню» і «Жыве Беларусь!» (пачытайце пра лёсы пастаўскіх і глыбоцкіх маладых актывістаў падпольнага нацыянальнага руху 1940-50 гадоў), сотні тысяч расстраляных у раскіданых па ўсёй Беларусі курапатах.

Узгадайце заснавальнікаў БНР і яе абаронцаў, удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну, Янку Купалу і чытачоў «Нашай Нівы», паўстанцаў Каліноўскага і Касьцюшкі.

Незалежнасьць на беларусаў не «звалілася зь неба» — яна ішла з беларускіх сэрцаў і выпакутаваная ў пакаленьнях.

І таму тое, што адбылося 25 жніўня 1991-га — гэта сапраўднае выяўленьне волі народа.