Филин

Юлія Кот

Карбалевіч: «Сёння галоўным фактарам раскола з’яўляецца ўлада. Менавіта яна аб’явіла вайну сваім праціўнікам і вядзе яе — зацята, упарта»

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода ў каментары Филину — аб тым, што лічбы колькасці беларусаў, якія ваююць ва Украіне, кажуць пра стан нашага грамадства.

Нядаўна ўкраінскі праект Хочу жить апублікаваў абноўленыя звесткі пра колькасць наймітаў з беларускім грамадзянствам, якія падпісалі вайсковы кантракт з Расіяй. З пачатку бягучага года ў ім прыбавілася сама меней 596 прозвішчаў.

Пры гэтым, як сцвярджаюць Кіберпартызаны, станам на 2021 год значная частка гэтых людзей (57%) мела судзімасці ці знаходзілася ў вышуку. Многія таксама лічацца даўно непрацуючымі на тэрыторыі Беларусі.

На баку Украіны ў розных падраздзяленнях ВСУ, паводле леташніх звестак, служылі каля 350 чалавек — і яшчэ каля 1300 ужо дэмабілізаваліся з 2014 года.

То бок, лічбы супастаўныя, і ў адным, і ў другім выпадку гаворка ідзе пра сотні чалавек. Што гэтая сітуацыя кажа пра беларускае грамадства: ці ёсць сярод беларусаў жорсткі раскол на гэты конт, і як такі падзел можа адгукнуцца ў будучыні?

— У пэўным сэнсе так, гэта адлюстроўвае той раскол, які ёсць у беларускім грамадстве, — зазначае ў каментары Филину палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч. — З аднаго боку — людзі, якія вызнаюць дэмакратычныя каштоўнасці, скіраваныя на Еўропу, а з іншага — нямала людзей, якія ўспрымаюць і дыктатуру, і «рускі свет», лічаць гэта нармальным.

Па гэтай лініі адбываецца і вайна ва Украіне. А паколькі Беларусі — прыфрантавая дзяржава, то цалкам лагічна, што беларусы апынуліся па абодва бакі фронту, ваююць і на тым, і на другім баку.

Хоць, нагадаю, увогуле па беларускіх законах наёмніцтва лічыцца крымінальным злачынствам (артыкул 133 КК РБ прадугледжвае пакаранне да 7 год пазбаўлення волі — Ф.) Але, шчыра кажучы, не ўзгадваю, каб з пачатку вайны кагосьці з людзей, хто ваюе на баку Расіі, прыцягвалі да адказнасці.

Валер Карбалевіч звяртае ўвагу, што ва Украіне ваююць па розныя бакі барыкад і людзі з іншых краін. А тое, што беларусаў больш, чым іншых замежнікаў, тлумачыцца геаграфічнай блізкасцю нашых краін, адсутнасцю моўных бар’ераў — «не тое, што для паўночных карэйцаў» і візавых перашкод:

— Матэрыяльны фактар тут таксама ёсць: расейцы плацяць вялікія грошы тым, хто ваюе, і гэта прываблівае вялікую колькасць, у тым ліку беларусаў, якія так шмат зарабіць наўрад ці могуць у звычайным жыцці.

— Але, скажам шчыра, прываблівае гэта досыць спецыфічную катэгорыю. Паводле «Кіберпартызан», значная частка наймітаў на баку РФ — гэта крымінальнікі, у той час як на баку Украіны беларусы ваююць з высакароднымі мэтамі.

Ці можа гэта сведчыць аб тым, што збольшага беларусы на баку Украіны?

— Тое, што ў Расіі прапануюць з турмаў пайсці на фронт — гэта вядома, але колькі менавіта беларусаў сядзіць у расійскіх турмах, цяжка сказаць. Але магчыма, вы маеце рацыю ў гэтым плане, што на баку Расіі ваююць больш з меркантыльных прычын, на баку Украіны — з ідэалагічных.

Датычна таго, на чыім баку беларусы — тут таксама ідзе раскол, і нельга сказаць адназначна. Сёння на тэрыторыі Беларусі паўнавартасныя сацыялагічныя апытанні правесці цяжка, і немалаважна таксама, як задаць пытанне.

На пачатку вайны, як мы помнім, большасць беларусаў хутчэй выступала супраць расійскай агрэсіі. Потым суадносіны трохі памяняліся праз шэраг фактараў: многія праціўнікі Расіі з’ехалі, актыўна ўплывае на настроі беларуская і расійская прапаганда, да таго ж, у грамадстве быў і ёсць страх.

Але я думаю, што гэты раскол захоўваецца.

— А ў будучыні — ён захаваецца, на ваш погляд, на ўзроўні памяці, ці ўсё ж унутры Беларусі адбудзецца, хоць гэта гучыць крыху пафасна, нацыянальнае прымірэнне?

— Цяжка рабіць нейкія прагнозы. Сёння галоўным фактарам раскола з’яўляецца ўлада. Менавіта яна аб’явіла вайну сваім праціўнікам і вядзе гэтую вайну — зацята, упарта. І пакуль існуе гэтая ўлада, дзейны рэжым — гаварыць пра пераадоленне расколу немагчыма.

Магчымае ж яно толькі ва ўмовах дэмакратыі, дзе ёсць механізмы пошуку кампрамісаў. Толькі калі з’явяцца нейкія дэмакратычныя інстытуты, дзе палітычныя праціўнікі могуць збірацца і абмяркоўваць магчымасці суіснавання ў адной краіне. Бо праблема нават не ў тым, што ёсць раскол, а ў адсутнасці легальных механізмаў яго пераадолення.

Унутраныя канфлікты і расколы ёсць шмат у якіх краінах, нагадвае Валер Карбалевіч — бывае, што нават у парламенце партыйныя спрэчкі перацякаюць у бойкі. Але ў дэмакратычным парламенце рознагалоссі могуць вырашацца. Беларусі ж дзеля гэтага «патрэбная зусім іншая палітычная сістэма», падкрэслівае палітычны аглядальнік.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(18)