Политика

Карбалевіч: Круглы стол паміж Лукашэнкам і апазыцыяй — прыгожая мара

Як выявілася, ідэя круглага стала паміж беларускімі ўладамі і дэмакратычнымі сіламі пакуль ня мае дэтальнага канцэпту і выглядае як прыгожая мара. Піша палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч

Інфармацыю пра тое, што Офіс Сьвятланы Ціханоўскай прапануе правесьці круглы стол з рэжымам Лукашэнкі пры мадэрацыі ЗША, спачатку агучыў Дзяніс Кучынскі, дыпляматычны дарадца лідэркі беларускіх дэмакратычных сіл.

Гэта выклікала вялікі рэзананс у асяродзьдзі беларускай дыяспары. Разгарнуліся дыскусіі ў сацыяльных сетках. Валерый Кавалеўскі назваў ініцыятыву пра круглы стол правакацыйнай.

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў вялікім інтэрвію «Нашай Ніве» даў больш інфармацыі і трохі інакш расставіў акцэнты. Зь яго вынікае, што пакуль ніякага дэтальнага канцэпту па гэтай тэме няма, Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК) яшчэ толькі рыхтуе яго.

У тым першапачатковым выглядзе, як ідэю круглага стала прадставіў Дзяніс Кучынскі, яна выглядала як утопія. Там вылучаліся папярэднія ўмовы пачатку дыялёгу: вызваленьне палітвязьняў і спыненьне рэпрэсій.

То бок, апазыцыя тут выступае з пазыцыі сілы, а рэжым Лукашэнкі выглядае такім уразьлівым, слабым, так моцна зацікаўленым у перамовах з апанэнтамі, што яго можна прымусіць да выкананьня гэтых папярэдніх умоваў.

Другі момант. Перамовы з рэжымам вядзем «мы», апазыцыя, а ЗША — толькі пасярэднік. Паводле Кучынскага, без удзелу Офісу, АПК «любы перамоўны фармат ня будзе легітымным», рэжым у Менску ня зможа «размаўляць з Захадам за плячыма беларусаў».

То бок галоўны суб’ект перамоваў — гэта апазыцыя. Захад, ЗША тут выступаюць толькі ў якасьці пасярэдніка, бяз згоды Офіса яны не аб чым дамаўляцца з афіцыйным Менскам ня могуць. У іх другасная роля.

Тут два пытаньні. Чаму Захад, ЗША павінны пагадзіцца на такую ролю другога пляну? І чаму беларускі рэжым пойдзе на перамовы з апазыцыяй (Кучынскі лічыць, што «Лукашэнка можа быць зацікаўлены ў перамовах»)?

Нагадаю, што ў самыя крытычныя дні 2020 году, калі на вуліцы пратэставалі сотні тысяч чалавек, Аляксандр Лукашэнка катэгарычна адмовіўся ісьці на любыя перамовы з апанэнтамі. Ён казаў, што можаце мяне забіць, але я не саступлю.

Цяпер жа, калі Лукашэнка кансалідаваў рэжым, задушыў іншадумства ў краіне, выштурхаў апазыцыю за мяжу, што можа прымусіць яго ісьці на перамовы з палітычнымі праціўнікамі?

Сьпікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан у праграме «ПіК Свабоды» заявіў, што «дыялёг можа быць без удзелу Лукашэнкі». Але як гэта магчыма? У тайне ад яго? І што з гэтымі перамоўшчыкамі потым будзе?

Выглядае, што лідэры апазыцыі шукаюць адказ на пытаньні дэмакратычнай грамадзкасьці пра новыя пляны і пэрспэктывы праз пяць гадоў пасьля рэвалюцыі 2020 году. І вось зачапілася за ідэю круглага стала, якая выглядае бяспройгрышнай.

Франак Вячорка ў інтэрвію «Нашай Ніве» выглядае больш рэалістычным. Ён кажа:

— Я сумняюся, што Лукашэнка пагодзіцца на круглы стол. Ён ніколі на дыялёг з беларусамі не ішоў, і наўрад ці пойдзе.

Паводле Вячоркі, «круглы стол можа адбыцца ў будучыні, хутчэй за ўсё, калі ўжо Лукашэнкі ня будзе, … гэта пасыл намэнклятуры і прамацваньне глебы на будучыню».

Пры такім падыходзе тэмы для дыскусій, здаецца, няма. Бо хто ж супраць дыялёгу, перамоваў паміж рознымі палітычнымі сіламі аб будучыні Беларусі? Ды і невядома, калі тое будзе, якія там будуць умовы.

Аднак Франак не пакідае надзей вярнуцца з гэтай ідэяй з няпэўнай будучыні ў сучаснасьць. Ён кажа:

— Безумоўна, добраахвотна Лукашэнка ўладу аддаваць не зьбіраецца. Але калі да гэтага дойдзе, ён мог бы разьлічваць на гарантыі бясьпекі для яго і яго сям’і.

Літаральна пару тыдняў назад Ціханоўская абмяркоўвала такі варыянт з замежнымі лідэрамі, і выказвалася такая думка, што ў Лукашэнкі проста няма шляху адыходу.

У тым і палягае праблема, што «у Лукашэнкі проста няма шляху адыходу». Ён усе масты спаліў цягам апошніх пяці гадоў, адкінуў ідэю транзыту ўлады.

Таму пайшоў на новыя прэзыдэнцкія выбары 2025 году, замарозіў Усебеларускі народны сход, які стварыў для сябе ў якасьці страхоўкі, і будзе трымацца за ўладу да канца. Бо нікому не давярае, ня верыць ніякім гарантыям ня толькі праціўнікаў, а і паплечнікаў. З гэтага тупіку няма легальнага выйсьця.

І апошняе. Вячорка спадзяецца на ЗША:

— Амэрыканцам і прэзыдэнту Трампу важна мець посьпехі на міжнароднай арэне… Ён пазыцыянуе сябе міратворцам. І мы яму прапаноўваем скончыць яшчэ адну вайну, не пачынаючы. Скончыць 30-гадовы крызіс, які не атрымалася вырашыць ніводнаму іншаму палітыку, ніводнай міжнароднай арганізацыі.

Але тут паўстае пытаньне: ці разглядае адміністрацыя Трампа сытуацыю ў Беларусі як крызіс?

Такі крызіс быў у 2020 годзе. Цяпер Беларусь вонкава выглядае як выспа спакою. Унутраны гуманітарны крызіс? Так. Але ў сьвеце дзясяткі такіх краін, дзе ўлады душаць апазыцыю.

Пакуль ідэя круглага стала выглядае як прыгожая мара. Але чаму б не памарыць?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.6(9)