Политика

Цыганкоў: «Усе цябе любяць, пакуль ты сядзіш»

Палітычны аглядальнік — пра рэакцыю на заявы Марыі Калесьнікавай.

— Па-першае, пра «хейт і цкаваньне». Чалавек выказаўся, людзі не пагадзіліся, пакрытыкавалі, выказаліся – дзе тут хэйт, — піша Віталь Цыганкоў. — У мяне ёсьць любімая фраза – «усе цябе любяць, пакуль ты маўчыш». На сёньняшні лад я б яе перайначыў — «усе цябе любяць, пакуль ты сядзіш». Як толькі ты выходзіш і выказваеш палітычную ці каштоўнасную пазыцыю — ты кагосьці губляеш.

Віталь Цыганкоў

У 2020 годзе была адна тэма: «Мы супраць Лукашэнкі. Супраць гвалту, за справядлівасьць». Яна аб’яднала большасьць. Як толькі зьяўляюцца іншыя пытаньні — пра Расею, санкцыі, мову, эканоміку, прыватызацыю, гей-шлюбы, аборты, — кансэнсус зьнікае. Гэта нармальна. Гэта здарылася і з Калесьнікавай, хацела яна таго ці не.

У інтэрвію я б падзяліў 1. чалавечы, гуманны і 2. палітычны аспэкт.

У «чалавечым» я б адзначыў словы Калесніукавай у дачыненьні да нашай супольнасьці. Яна выйшла — і ёй было нечакана ўбачыць хвалю нэгатыву, нянавісьці. Бо ў турме адзін аднаго падтрымліваюць, там поўная салідарнасьць, там поўная дапамога. Тым больш — яна села ў 2020-м, калі тое самае было і на волі, абсалютна ва ўсім нашым грамадзтве.

Я днямі сустракаўся са сваім сябрам, былым палітвязьнем, і ён распавёў, што гэта яго нэгатыўна ўражвае ў сацыяльных сетках. Ня толькі ў адкрытых, публічных, а нават ёсьць чаты канкрэтна для былых палітвязьняў, і ўнутры гэтых чатаў таксама ідзе даволі рэзкая барацьба. Адны другіх мацюкаюць менавіта па палітычных пытаньнях: хто там за Офіс, хто супраць. Вакол гэтага людзі пачынаюць абвінавачваць адзін аднаго ледзь ня ў здрадзе.

Палітычны аспэкт. Калеснікава сама сказала, што ня мае выразных палітычных амбіцыяў. Мне здаецца, гэта дастаткова шчырае выказваньне, і яна сапраўды так думае — прынамсі, на дадзены момант. Што тычыцца палітыкі, то цяпер у нас такая структура, што так ці іначай, калі ты пачынаеш займацца палітыкай не ў Беларусі, перад табой паўстае пытаньне: ці ты ўваходзіш у агульны мэйнстрым, ці ідзеш у нешта іншае.

І калі пакуль Калесьнікава лічыць, што яна проста выказваецца і не ўступае ў супярэчнасьці, то гэта можа працаваць у першыя месяцы. Але потым гэтае пытаньне перад ёй і яе камандай аб’ектыўна паўстане: ці вы за Офіс, ці вы будзеце праводзіць асобную самастойную палітыку — а самастойная азначае ў нечым перпэндыкулярную Офісу. Тым больш, мы бачым, што некаторыя члены «бабарыканскага» кола актыўна штурхаюць менавіта ў гэтым накірунку.

Пакуль да канца не зразумела, ці плянуюць Калесьнікава і Бабарыка і людзі вакол іх стварэньне свайго цэнтра, ці далучэньне да існых структураў на нейкіх прымальных умовах. У свой час Павал Латушка праводзіў дастаткова самастойную палітыку, але потым уступіў у Кабінэт і стаў дэ-факта другім чалавекам. То бок знайшлі спосаб, як яго на пачэсных умовах далучыць да агульных структураў.

Ці захочуць бабарыканцы ўліцца ў існуючыя структуры на тых самых пачэсных умовах (а значыць, зараз проста падымаюць сабе цану), альбо захочуць рэальна ствараць альтэрнатыўны «цэнтар», што непазьбежна прывядзе да пэўнай барацьбы.

Мне, напрыклад, падаецца, што ў іх ёсьць спакуса пераацаніць свае магчымасьці, і палітычную «вагу» Бабарыкі і Калеснікавай. Усё ж зараз не лета 2020-га. Першыя заявы Калесьнікавай — вельмі карэктныя ў дачыненьні да Ціханоўскай. Але заявы іншых «бабарыканцаў» бываюць не настолькі лагодныя — што мы ўжо часткова назіраем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)