«Часы змяніліся. Непрыстойныя жарты, сэксісцкія заявы ўжо неабавязкова прымаць як норму»
Звыклая (не)нармальнасць. «Салідарнасць» разбіраецца, чаму праблема сексуальнага дамагання ў медыцынскай сферы застаецца нябачнай.

Беларускія ўлады нярэдка і з задавальненнем распавядаюць пра «бясплатную медыцыну» ў нашай краіне. Але ўсімі сіламі абыходзяць нязручныя акалічнасці, якія склаліся за шмат год у сістэме аховы здароўя.
Гэта і адток кваліфікаваных кадраў, і прымусовае размеркаванне маладых спецыялістаў, якое не вырашае дэфіцыту медыкаў, і дрэнна наладжаная меддапамога ў рэгіёнах, і фальсіфікаваная статыстыка і многае іншае.
Сярод «нябачных» праблем — харасмент у медыцыне.
Паводле статыстыкі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 62% медыкаў падвяргаюцца гвалту на працоўным месцы. Ва Украіне больш за палову жанчын-хірургаў мелі досвед сексуальных заляцанняў, у Расіі доля скаргаў значна ніжэйшая, каля 14,5% (але, як лічаць даследчыкі, гэта таму, што праблема замоўчваецца і мала хто апублічвае яе).
Па Беларусі звестак наўпрост няма. І калі меркаваць толькі па публічным полі, можна палічыць, што ў нашай краіне і праблемы такой нямашака. Але гэта не так.
Наўрад ці менавіта сексуалізаваны харасмент ёсць галоўнай прычынай «цякучкі» ў беларускай медыцыне, асабліва што да сярэдняга медперсаналу, дзе больш 95% жанчын. І ўсё ж, наколькі гэтая праблема істотная і адначасова незаўважная?
Гэтым пытаннем задаліся даследчыкі Freelance Journalists Group (FJG), якія пры падтрымцы Асацыяцыі Salidarnast (арганізацыі беларускіх незалежных прафсаюзаў у выгнанні) ў лістападзе-снежні 2025 года накіравалі больш як два дзясяткі зваротаў у медычныя ўстановы адукацыі і распыталі саміх медыкаў.
«Салідарнасць» даведалася, што ў іх атрымалася.
— У пераліку галоўных праблем медыкаў, скажам шчыра, харасмент амаль не згадваюць на фоне нізкіх заробкаў, перапрацовак, прымусовага размеркавання, выгарання, зняважлівага стаўлення. Чаму так: ці ўсе лічаць, што медык — істота бясполая, ці з сексуалізаваным харасментам мала хто сутыкаецца альбо лічыць яго нешта нармалёвым?
— У нейкім сэнсе медыкі сапраўды — істоты бясполыя, — зазначае прадстаўніца FJG, — і гэта, на мой погляд, пастка, створаная самой прафесіяй: такі кантэкст, у якім харасмент мае больш спрыяльныя ўмовы для ўзнікнення.
Паводле медыкаў, з якімі мы размаўлялі, падчас вучобы і працы яны даволі моцна прывыкаюць ставіцца да чалавечага арганізму як да сістэмы, якая мусіць працаваць правільна і здарова. І ў нейкім сэнсе гэта змяняе стаўленне да цела.
Выгаранне, стомленасць ад перапрацовак — дадатковыя спрыяльныя фактары. Бо ў хранічна стомленага чалавека не так шмат сіл, каб адстойваць свае асабістыя межы. І гэта датычыць як харасменту, так і іншых злоўжыванняў уладай: напрыклад, частка тых, хто скардзіўся на харасмент, гаварылі таксама пра распаўсюджанасць банальнага хамства, знявагаў з боку кіраўніцтва.
Чаму на гэтую тэму амаль нічога няма ў публічнай сферы — бо ў медыцыне фокус не на стасункі медыкаў паміж сабой, а на адносіны медык-пацыент. Што наогул слушна, але з-за гэтага з-пад увагі, з публічнай дыскусіі выпадае асабістая бяспека людзей.
У Беларусі ў прынцыпе не прынята распрацоўваць палітыкі антыхарасменту. З асабістага досведу, за амаль 20 год працы я сустракала такую палітыку роўна адзін раз.
Калі вы пачняце пытаць сваіх знаёмых медыкаў — частка з іх адкажа, што нічога «такога» (як харасмент) не было, а другая частка паскардзіцца.
Чаму так? Бо часы змяніліся, і многае пераасэнсоўваецца. Непрыстойныя жарты, сэксісцкія заявы ўжо неабавязкова прымаць як норму, спроба завязаць стасункі з калегам, калі няма згоды, перацякае ў плоскасць харасменту.
А з другога боку, шмат хто прывык да падобнай «нармальнасці» — умоўна, як прыканцы 90-х лічылася нармальным спяваць «А-я-я-я-яй, забілі негра…».
— Але сёння не нармальна рабіць выгляд, што нічога не адбываецца.
— Тым не менш, у многіх атрымліваецца. Мы звярнуліся ў 21 дзяржаўную арганізацыю і ўстановы адукацыі з запытамі пра статыстыку харасменту і неэтычных паводзінаў адносна студэнтак і медработнікаў. Атрымалі 18 адказаў. Большасць з іх была — што звестак пра такія факты няма.
Міністэрства працы і сацабароны паведаміла, што такі ўлік не вядзе, перанакіравала нас у Мінздароўя. А там пытанне пра статыстыку праігнаравалі, толькі зазначылі, што, маўляў, харасмент — гэта дрэнна і вінаватыя мусяць несці адказнасць паводле закону, а абстрактная пацярпелая асоба можа звярнуцца ў кампетэнтныя органы.
З медыкамі складана — большасць тых, да каго мы звярталіся, адмаўляліся ад глыбінных інтэрв’ю і нават анкетавання, бо для іх гэта небяспечна ў любым выглядзе.
На маю думку, тут два бар’еры: рызыкі палітычнага пераследу — адкажаш незалежным даследчыкам, а гэта пахне «экстрэмізмам»; і другі момант — тэма сенсітыўная, нават для тых, хто не сутыкаўся асабіста з харасментам. А тым больш для людзей, якія перажывалі харасмент, сексуальны гвалт, і ўспаміны могуць іх рэтраўматызаваць.
У выніку з 30-40 запытаў атрымалася зрабіць 12 глыбінных інтэрв’ю. Але адмоў пагутарыць было значна болей.
Такім чынам, канстатуюць даследчыкі, афіцыйнай статыстыкі ў Беларусі на гэты конт няма. Але ці можна лічыць адсутнасць зарэгістраваных, публічна пацверджаных выпадкаў доказам адсутнасці праблемы — вялікае пытанне.
Пра харасмент як паўсядзённасць у беларускай медыцыне расказвала каардынатарка Фонду медыцынскай салідарнасці Лідзія Тарасенка; тое, што гісторыі дамаганняў — не рэдкія выключэнні, распавядалі медработнікі сярэдняга звяна ў прыватных гутарках і глыбінных інтэрв’ю.
— Тое, што харасмент у медыцыне — распаўсюджаная з’ява, гэта была нашая гіпотэза, якую падчас даследавання хацелі праверыць. Вынікі не дазваляюць ацаніць маштаб праблемы, але паказваюць, што яна ёсць, паказваюць механізмы ўзнікнення, — рэзюмуе прадстаўніца FJG. — Я ведаю таксама адзін прыклад, калі кейс харасменту атрымаў развіццё ўнутры медыцынскай установы, было разбіральніцтва — падаецца, што нават паспяховае. Але масава нам пра гэта не распавядалі, бо ў прынцыпе няма звычкі скардзіцца на парушэнні этыкі з боку начальніка/калег.
Цікавы момант: пасля зваротаў даследнікаў у адным з паблікаў Віцебска ўсплыў ананімны «зліў» з медычнай установы адукацыі, дзе сярод праблем згадвалі ў тым ліку харасмент. Прычым хіба не на першым месцы.
То бок, калі не адміністрацыя дзяржустаноў, то грамадства пэўным чынам адрэагавала на «камень у сажалцы» — і колы па вадзе пайшлі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное