Коктейль

Беларускі комік зняўся ў амерыканскім серыяле. У кадры ёсць і Мінск

Стэндапер Дзмітрый Саўян не першы год жыве ў Польшчы і нават амаль скарыў польскі адбор перад леташнім Еўрабачаннем. А нядаўна беларус трапіў у буйны амерыканскі серыял з Джэнсанам Эклзам, зоркай культавага праекта «Звышнатуральнае» (Supernatural), пабачыла Наша Ніва.

Дзмітрый Саўян у «Зваротным адліку»

Цяперашні серыял, у які трапіў Саўян, мае назву Countdown («Зваротны адлік»). Гэта праект буйнога стрымінгавага сервіса Amazon Prime Video.

Серыял пачынаецца з таго, што проста на вуліцы забіваюць афіцэра амерыканскага міністэрства ўнутранай бяспекі. Расследаваць злачынства мусіць таемная аператыўная група, да якой далучаюць дэтэктыва паліцыі Лос-Анджэлеса Марка Мічума (Эклз).

Але ў другой серыі мы даведваемся, што гэтая гісторыя мае багата сувязей з Беларуссю. Паралельна з дзейнасцю амерыканскіх аператыўнікаў нам паказваюць кадры з Мінска 2008 года, якім яго ўяўляюць кіношнікі з ЗША.

Скрын: «Зваротны адлік» / Amazon Prime Video

Там і з'яўляецца Саўян. Ён грае беларуса, які звязаўся з небяспечнымі людзьмі і павінен ім грошы. Антон — так завуць героя — шукае выратаванне ў свайго брата.

Прыемны сюрпрыз — у арыгінальнай агучцы герой Саўяна, як і яго брат, гутараць па-беларуску.

На гэтым, аднак, прыемнае сканчваецца, бо Countdown атрымаў вельмі змешаныя водгукі. На платформе IMDb серыял мае рэйтынг 7/10, а вось на не менш вядомым рэсурсе Rotten Tomatoes вынік менш прыемны — усяго 31% рэйтынгу па водгуках крытыкаў.

читайте также